21.06.2016

Землятрус 60-х

У 1906 г. землятрус знішчыў значную частку г. Сан-Францыска. Пасля гэтага горад назаўжды змяніўся. У 1960- х гг. Амерыку сатрасаў іншага роду «землятрус». Пасля яго краіна стала такой, якой яе ведаюць зараз.
1960-я сталі часам, калі ўвесь свет перажыў значныя патрасенні і перамены. Амерыка не стала выключэннем. У некаторым сэнсе ўсё, што тады адбылося ў ЗША, можна назваць 2-й Амерыканскай рэвалюцыяй. Ніякіх вызначаных рэвалюцыйных армій, але досыць вулічных баёў з забітымі і параненымі. Ніякага прыходу ва ўладу новых палітычных сіл, але паступовае пашырэнне дэмакратыі ў грамадскім, палітычным, культурным і рэлігійным жыцці. У ХХІ ст перад намі той жа сцяг, тая ж сталіца, тая ж мова, але зусім іншая краіна, чым была ў канцы 1950-х гг. Адразу адзначу, што называю гэту сітуацыю рэвалюцыйнай умоўна, але ўпэўнены, што калі б амерыканскі «істэблішмент» (грамадскія і дзяржаўныя інстытуты ўвогуле) не зрабіў шэраг крокаў насустрач маргіналізаваным палітычным сілам, рэвалюцыя была б амаль непазбежнай. Да таго ж, некаторыя відавочцы хваляванняў канца 1960-х гг., як навукоўцы, так простыя грамадзяне, гаварылі аб тым, што рэвалюцыя або набліжаецца, або ўжо ідзе.
Паколькі 60-я – гэта цэлая эпоха ў жыцці краіны я паспрабую ахапіць усе асноўныя перамены і падзеі гісторыі ЗША 1960-69 гг. Мне прыйдзецца схематычна апісаць з'явы, кожная з якіх патрабуе асобнай кнігі. Як само напісанне кнігі па гісторыі ЗША стала выклікам: сцісла апісаць у адной кнізе тое, што не можа змясціць аніводная бібліятэка, так і 1960-я – гэта той жа выклік, але ў мініяцюры. Паспрабую даць панарамнае ўяўленне аб унутраных і знешніх праблемах ЗША, якія змянілі іх воблік, як землятрус 1906 г. змяніў воблік Сан-Францыска
Халодная вайна і гарачыя канфлікты
У 1960-х гг. ЗША ўвайшлі ўжо ўцягнутымі ў доўгае спаборніцтва з СССР. Гарачыя канфлікты Халоднай вайны і некалькі крызісаў супрацьстаяння, асабліва ў Германіі, на Кубе і ў В'етнаме праходзілі для ЗША з пераменным ваенным і дыпламатычным поспехам. Але менавіта войны і канфлікты 1960-х зрабілі ЗША імідж агрэсара, як за мяжой так і ўнутры краіны.
1 мая 1960 г. пад Свярдлоўскам савецкія зенітчыкі збілі амерыканскі самалёт-шпіён U-2. Лётчык Гары Паўэрс быў захоплены ў палон, асуджаны на 10 год турмы і ў 1962 г. абменены амерыканцам на Рудольфа Абеля. Здаецца нязначны эпізод Халоднай вайны. Але адмова амерыканскіх дыпламатаў прызнаць наяўнасць праграмы шпіянажу у паветраных прасторах СССР дало некаторую дыпламатычную перамогу Саветам: ілжывасць амерыканскіх палітыкаў была выкрыта, за чым паследавала хваля крытыкі ў незалежных ад дзяржавы СМІ ЗША і за мяжой.
Прыход да ўлады Ф. Кастра на Кубе ў 1959 г. сам сабой не з'яўляўся праблемай для Злучаных Штатаў, бо змена лацінаамерыканскіх дыктатараў была тады з'явай звычайнай. Але калі ён стаў заяўляць аб тым, што ён марксіст і праводзіць палітыку незалежную ад волі кіруючых і іншых зацікаўленых колаў Амерыкі, для ЗША яго рэжым стаў варожым. Спачатку яны чакалі, што ўнутраная апазіцыя рэжыму Кастра будзе дастаткова моцнай, каб знішчыць яго. Але праз кароткі час вырашылі ставіць на экспарт контр-рэвалюцыі і сталі рыхтаваць некалькі тысяч кубінскіх эмігрантаў брыгады 2506 пад эгідай Кубінскага дэмакратычнага рэвалюцыйнага фронту (КДРФ), якія зрабілі няўдалую спробу высадзіцца ў Заліве Свінняў у красавіку 1961 г. Гэта было не толькі паражэннем амерыканскай зброі, але і ўдар па іміджу Злучаных Штатаў. Кубінцы Кастра знішчылі добра ўзброенае вайсковае злучэнне і некалькі амерыканскіх самалётаў, захапілі палонных і тэхніку (палонных кубінцаў КДРФ пазней абмянялі на амерыканскае харчаванне і медыкаменты) а Амерыка паказала сябе агрэсарам.
Адначасова развіваўся канфлікт паміж Захадам і Ўсходам у Берліне, які быў падзелены на сферы кантролю СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Як я ўжо пісаў, схема «адна краіна-дзве сістэмы» без добра вызначанай і моцнай мяжы можа існаваць толькі ў тэорыі. У Берліне існавалі дзве праблемы: масавае «галасаванне нагамі» ўсходніх немцаў супраць сацыялізму (бегства ў Заходні Берлін) і, менш вядомая, шопінг заходніх немцаў ва ўсходнім Берліне і асобныя акцыі антыкамуністаў на тэрыторыі ГДР. Час ад часу гэта вылівалася ў крызіс: галодная аблога Заходняга Берліна 1948-49 гг., «дзень ікс» ў ГДР 1953 г. У 1961 г колькасць спецыялістаў, якія масава пакідалі ГДР праз Заходні Берлін перарасла ў многатысячны паток. У адказ 13 жніўня Заходні Берлін акружылі ўмацаваннямі, якія ўвайшлі ў гісторыю як Берлінская ці Ганебная сцяна. Паток быў спынены, пасля гэтага ГДР пакідалі ўжо асобныя энтузіясты, але гэта тэхнічная перамога савецкага блока стала яго дыпламатычным паражэннем. 26 чэрвеня 1963 г. 35-ы прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі, выступаючы ў Заходнім Берліне са сваёй знакамітай прамовай «Я – берлінец», казаў: «Свабода мае свае цяжкасці і дэмакратыя не з'яўляецца дасканалай. Але мы ніколі не спрабавалі будаваць сцяну каб утрымаць людзей у нас, не дазволіць ім пакінуць нас... Сцяна – гэта найяскравейшая і найбольш відавочная дэманстрацыя недахопаў камуністычнай сістэмы, якую можа толькі бачыць увесь свет» (1)
Восень 1962 г. прывяла СССР і ЗША на парог ядзернай вайны, калі савецкія ракеты здолныя паражаць цэлі глыбока на тэрыторыі ЗША былі размешчаны на Кубе. Некалькі дзён кастрычніка сітуацыя, якую свет ведае пад назвамі «Карыбскі крызіс», «Кубінскі ракетны крызіс» і «Кастрычніцкі крызіс» была непрадказальнай. Ля Кубы знаходзіліся сілы ВМС і ВПС ЗША, гатовыя знішчыць усю Кубу разам з савецкімі спецыялістамі. У Берліне савецкія і амерыканскія танкі сталі адзін супраць аднаго, як на дуэлі. 27 кастрычніка 1962 г савецкія зенітчыкі збілі амерыканскі самалёт над Кубай (пілот загінуў). У гэты дзень адбыліся яшчэ некалькі дробных сутычак паміж савецкімі і амерыканскімі ваеннымі і ён стаў вядомы як «чорная субота», дзень, калі магчымасць новай сусветнай вайны была як ніколі верагоднай. Карыбскі крызіс скончыўся кампрамісам, калі ЗША гарантавалі бяспеку Кубы ў адказ на поўны вываз адтуль савецкіх ракет. І ў СССР, і ў ЗША вынік крызісу выклікаў розную рэакцыю кіруючых колаў і вайскоўцаў.
Калі паспрабаваць пабудаваць магчымую альтэрнатыву, то найбольш верагоднымі бачацца два варыянты. Адзін з іх – лакальны канфлікт на Кубе, дзе мясцовыя камуністы і савецкія вайскоўцы церпяць паражэнне. СССР спрабуе дапамагчы ім, але блізкасць вострава да ЗША робіць усе гэтыя спробы марнымі. Магчыма пры гэтым адбываюцца баі мясцовага маштабу ў Берліне ці на граніцы ГДР і ФРГ, а таксама на дэмаркацыйнай лініі паміж дзвюма Карэямі. Але паражэнне СССР на Кубе (магчыма кампенсаванае перамогай у Берліне ці заняццем 2-3 невялікіх населеных пунктаў у іншым месцы) не прыводзіць да ядзернай вайны паміж звышдзяржавамі. Другі варыянт – татальная ядзерная вайна паміж усімі камуністычнымі і капіталістычнымі краінамі. Верагоднасць паражэння СССР даволі высокая па прычыне некаторай перавагі стратэгічнага ўзбраення ЗША на восень 1962 г., але для ЗША гэта было б «піравай перамогай»: ядзерныя ўдары па іх тэрыторыі, калі б не знішчылі саму краіну разам з большай часткай насельніцтва, то выбілі б яе з палажэння звышдзяржавы і аднаго з лідараў сусветнай эканомікі. Хутчэй за ўсё пры развіцці варыянта-2 барацьба за гегемонію ў свеце была б ужо паміж іншымі удзельнікамі, а СССР і ЗША мелі б такі ж уплыў на геапалітыку, што і тагачасныя Бразілія і Пакістан (пры ўмове выжывання як краін з пэўнай тэрыторыяй і насельніцтвам).
Гэта магчымыя альтэрнатывы, але насамрэч Карыбскі крызіс стаў адным з фактараў, якія штурхалі грамадства ЗША шукаць перамен.
У 1965 г. амерыканскія марскія пехацінцы праводзілі з пераменным поспехам штурм сталіцы Дамініканскай рэспублікі – г. Санта-Дамінга. Фармальнай нагодай была неабходнасць абараніць амерыканскіх грамадзян падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне, але па факту гэта была спроба звергнуць левы рэжым, які абаснаваўся ў горадзе і на поўдні Рэспублікі. У выніку грамадзянская вайна скончылася перамовамі бакоў і прыходам да ўлады прэзідэнта, які ў большай ступені задавальняў урад ЗША.
Можна ўзгадаць і спаборніцтва СССР і ЗША на Блізкім Усходзе, удзел амерыканскай арміі ў канфліктах паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэямі, якія час ад часу мелі месца ў 1960-х гг.
Куба стала для ЗША дзвюма крыніцамі праблем: бежанцы, якія перабіраліся ў ЗША ў 1960-90-х гг і паветранае пірацтва. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра тэндэнцыю канца 1960-х угону самалётаў на Кубу. Праблема настолькі абвастрылася, што многія пілоты амерыканскіх аэракампаній мелі карту міжнароднага аэрапорта Гаваны, а пасольства Швейцарыі ў Вашынгтоне (праз якое Амерыка падтрымлівала сувязь з Кубай пасля разрыву дыпламатычных адносін ў 1960 г.) распрацавала працэдуру запыту кубінскім уладам аб вызваленні пасажыраў (2)
Але найбольшай трагедыяй для ЗША стала В'етнамская вайна ў якой яны найбольш актыўна ўдзельнічалі з 1964 па 1973 гг. Гэта вайна не толькі скончылася поўным паражэннем ЗША і іх саюзнікаў, але і стала самым моцным штурхом для развіцця антываеннага руху ў ЗША і стварэння краіне іміджа агрэсара. Пасля таго як французы пакінулі (з баямі) свае калоніі ў Індакітаі, В'етнам застаўся падзеленым на 2 дзяржавы: Паўночны (камуністычны) і Паўднёвы, які быў саюзнікам ЗША. З 1957 г. ў Паўднёвым В'етнаме камуністы вялі партызанскую вайну. ЗША толькі дапамагалі зброяй і ваеннымі спецыялістамі, але не вялі прамой вайны з партызанамі і Паўночным В'етнамам. 2 жніўня 1964 г. ў Танкінскім заліве амерыканскі эсмінец «Мэдакс» праводзіў разведку мясцовасці. Нечакана да яго падплылі 3 катэра і атакавалі карабель. Амерыканцы адбілі атаку. В'етнамцы адышлі. 4 жніўня «Мэдакс» праводзіў сваю «працу» разам з эсмінцам «Тэрнэр Джой». Быў шторм, і радары паказалі набліжэнне каля дзясятка невядомых аб'ектаў, але візуальна іх не ўбачылі не з караблёў, ні з самалётаў. На ўсялякі выпадак амерыканцы пастралялі ў цемру. На наступны дзень ЗША далі загад разбамбіць базу катэраў Паўночнага В'етнама і гэта быў першы налёт авіяцыі ЗША на гэту краіну. 7 жніўня Кангрэс ЗША прыняў Танкінскую рэзалюцыю, якая дазволіла прэзідэнту Джонсану выкарыстоўваць амерыканскую армію ў В'етнаме:
«Сумесная рэзалюцыя Кангрэса № 1145 ад 7 жніўня 1964 г.
Прынята Сенатам і Палатай прадстаўнікоў Кангрэса Злучаных Штатаў.
Кангрэс падтрымлівае рашучасць Прэзідэнта, як Галоўнакамандуючага прыняць усе неабходныя меры каб адбіваць любы ўзброены напад на сілы Злучаных Штатаў і прадухіляць далейшую агрэсію.
Раздзел 2. Злучаныя Штаты разглядаюць жыццёва важнымі для сваіх нацыянальных інтарэсаў падтрымку міра ў свеце і бяспекі ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Згодна Канстытуцыі Злучаных Штатаў і статуту Арганізацыі аб'яднаных нацый, а таксама сваіх абавязкаў па Дагавору аб калектыўнай бяспецы Паўднёва-Ўсходняй Азіі Злучаныя Штаты гатовы, а Прэзідэнт мае намерам прыняць усе неабходныя меры, у тым ліку і выкарыстанне ўзброеных сіл, для дапамогі дзяржавам-членам Дагавора аб калектыўнай бяспецы Паўднёва-Ўсходняй Азіі ці краінам, узгаданым у пратаколе гэтага дагавора, калі яны просяць дапамагчы абараніць сваю свабоду.
Раздзел 3. Гэта рэзалюцыя застаецца ў сіле, пакуль Прэзідэнт не вырашыць, што мір і бяспека ў гэтым рэгіёне забяспечаны ў патрэбнай ступені міжнароднымі ўмовамі, створанымі намаганнямі Арганізацыі аб'яднаных нацый ці іншым чынам, калі толькі Кангрэс не адменіць яе датэрмінова іншай рэзалюцыяй.» (3)
Падзеі 2 і 4 жніўня 1964 г. ўвайшлі ў гісторыю як Танкінскі інцыдэнт. Яны лічацца пачаткам вайны ЗША ў В'етнаме. Дарэчы, ідуць спрэчкі наконт невінаватасці амерыканскіх эсмінцаў: невызначана ці былі яны ў нейтральных водах Заліва ці маглі зайсці ў тэрытарыяльныя воды Паўночнага В'етнама як выпадкова, так і ў мэтах правакацыі. Але з гэтага часу да лістапада 1968 г. ВПС Амерыкі актыўна бамбілі Паўночны В'етнам, а з лістапада 1968 г. – пераключыліся на суседні Лаос, праз які таксама ішлі пастаўкі з Поўначы на партызанам В'ет-Конга. З гэтай прычыны крыху больш карэктна гаворыць пра ўдзел арміі ЗША ў вайне ў Індакітаі. Тым часам армія ЗША і абмежаваныя кантынгенты іх саюзнікаў вялі баі з партызанамі ў Паўднёвым В'етнаме. У 1973 г. амерыканскія вайскоўцы пакінулі В'етнам і ў 1975 г войскі Паўночнага В'етнама поўнасцю занялі тэрыторыю Паўднёвага. Крыху больш пра значэнне вайны ў В'етнаме і Індакітаі для ЗША апісана ў раздзеле «Самыя-самыя войны ЗША».
Можна ўзгадаць як у 1960 г няўдала пераклалі чарговую пагрозу Хрушчова паказаць Кузькіну маці амерыканцам фразай We'll bury you (Мы вас пахаваем), якая не толькі дадала напружанасці паміж дзвюма варожымі дзяржавамі, але і боязі ў саміх ЗША (4). Акрамя гонкі ўзбраенняў можна ўзгадаць спаборніцтва ЗША і СССР ў космасе, прамысловасці і нават сельскай гаспадарцы (пры гэтым з эпохі Хрушчова пачынаецца савецкая «традыцыя» купляць хлеб у Амерыцы), але гэта спаборніцтва варта асобнай кнігі.
Чорная ўлада
Праблема расавых канфліктаў у ЗША існуе столькі ж колькі людзі розных рас жывуць у адных пасяленнях. Адмена рабства ў 1865 г. не вырашыла праблемы няроўнасці белых і чорных ні на Поўдні, ні на Поўначы. Падчас панавання на Поўдні федэральнай акупацыйнай адміністрацыі ў 1870-х гг. адносіны паміж белымі і чорнымі Поўдня зайшлі ў такі тупік, што пасля аднаўлення пэўнай самастойнасці штатаў там увялі расавую сегрэгацыю: белыя асобна, чорныя асобна. У 1950-х гг. у штатах, практыкаваўшых расавую сегрэгацыю, якая фармальна давала роўныя магчымасці для белых і чорных у карыстанні тымі ці іншымі паслугамі – separate, but equal (паасобку, але роўна) – а фактычна нярэдка адмаўляла чорным у магчымасці карыстацца паслугамі школ ці бальніц, пачалася хваля мірных пратэстаў, напрыклад, у форме байкоту грамадскага транспарту: 1 снежня 1955 г. цемнаскурая швачка Роза Паркер адмовілася саступіць месца «для белых» беламу пасажыру ў аўтобусе г. Мантгомеры (Алабама). Яе аштрафавала паліцыя, але падтрымалі многія іншыя чорныя, сярод якіх быў святар Марцін Лютэр Кінг, будучы лідар барацьбы з расавай сегрэгацыяй. Мірны пратэст насіў у 1950-х пераважна лакальны характар: адмова карыстацца сегрэгіраваным грамадскім транспартам дэманстрацыі ў невялікіх гарадах. І барацьба з ім былі такой жа лакальнай. Паліцыя штрафавала ўдзельнікаў акцый, спрабавала прымяніць супраць мясцовы антыбайкотны закон 1921 г.. Белыя расісты рабілі асобныя напады на чорных жыхароў паўднёвых штатаў Федэральныя ўлады прымалі рашэнні на карысць ліквідацыі сегрэгацыі ў пэўным месцы пэўнага горада. Часткова, гэта палепшыла сітуацыю: рэжым сегрэгацыі пачалі адмяняць тут і там. Але нярэдка каб дазволіць, маўляў, чорным дзецям хадзіць у школу, якая раней была толькі для белых, іх мусілі пастаянна суправаджаць паліцэйскія а то і дэсантнікі, каб абараніць ад раз'юшаных расістаў.

Звычайна гэта фота з Вікіпедыі прыводзяць як доказ расавай сегрэгацыі, але тут прыклад палавой сегрэгацыі: злева вада для белых і каляровых жанчын, а справа для белых і каляровых мужчын.

У 1960 г. барацьба за мірную дэсегрэгацыю Поўдня стала набываць агульнанацыянальны маштаб. У рамках акцыі «Рэйды свабоды» з Поўначы ехалі аўтобусы з белымі і чорнымі актывістамі, пераважна студэнтамі, якія заязджалі ў пэўны правінцыяльны горад і ішлі невялікімі ці буйнымі кампаніямі ў сегрэгіраваныя кавярні і рэстараны, займалі месцы «для белых» і патрабавалі сябе абслужыць. Пратэсты прымалі форму адмовы саступіць месца (sit-in), пакінуць зону для белых (stand-in), адмову пакінуць царкву пасля набажэнства (pray-in) і нават у спробах ляжаць на падлозе ці вуліцы ў праблемнай зоне (lie-in). Пры гэтым актывістаў інструктавалі не паддавацца на правакацыі.
У адказ белыя расісты абстрэльвалі і палілі іх аўтобусы, а саміх актывістаў білі. Але справа пачынала набываць не толькі агульнанацыянальны, але і міжнародны рэзананс. Так 3 мая 1962 г ў Бірмінгеме (Алабама) паліцыя паспрабавала разагнаць дэманстрацыю чорных грамадзянскіх актывістаў, многія з якіх былі непаўналетнімі. Дэманстранты пачалі адбівацца каменнямі і бутэлькамі, а паліцыя выкарыстала сабак. У выніку здымкі паліцэйскіх сабак, якія кусаюць дзяцей патрапілі ў газеты розных штатаў ЗША і краін свету. Жорсткія дзеянні алабамскіх прыхільнікаў сегрэгацыі сталі плямай на рэпутацыі ЗША і нават свайго роду паражэннем у інфармацыйна-ідэалагічнай вайне з СССР.
Адначасова адміністрацыя Кенэдзі пачала распрацоўку мер супраць беднасці і расавай дыскрымінацыі, якія ў сярэдзіне 1960-х правёў у жыццё пераемнік Кенэдзі Ліндан Джонсан (5). Так ў 1964 г быў прыняты Закон аб грамадзянскіх правах, а ў 1965 г. – Закон аб выбарчых правах, якія забаранялі расавую сегрэгацыю і дыскрымінацыю ва ўсёй краіне (6).
Рух за расавую роўнасць на чале з Кінгам набыў значны маштаб. На Вашынгтон было зроблена некалькі маршаў актывістаў. 28 жніўня 1963 г падчас аднаго з такіх маршаў Кінг казаў сваю самаю знакамітую прамову «У мяне ёсць мара». Сярод іншага гэты святар-актывіст звярнуў увагу на маральны аспект пытання: «Калі архітэктары нашай рэспублікі напісалі цудоўныя словы Канстытуцыі і Дэкларацыі незалежнасці, яны падпісалі пазыковае абавязацельства, якому кожны амерыканец меў стаць спадкаемцам. Гэты вексель быў абяцаннем, што ўсім людзям будуць гарантаваны неад'емныя правы на жыццё, свабоду і шуканне шчасця. Сёння відавочна, што Амерыка анулявала пазыковае абавязацельства ў дачыненні да сваіх цемнаскурых грамадзян.» (7).
Але калі М. Л. Кінг быў мяккай сілай, існавалі і радыкальныя элементы «чорнага» руху: Напрыклад, партыя «Чорныя пантэры» і Нацыя іслама фактычна стаялі на пазіцыях чорнага расізму. «Пантэры» патрулявалі вуліцы чорных кварталаў, каб супрацьстаяць магчымаму свавольству белых паліцэйскіх ці акцыям белых расістаў. Але самаабаронай гэты рух не абмяжоўваўся. Часам актывісты «пантэр» маглі накінуцца на белых гледачоў у кінатэатры, пабіць белых прахожых у чорных кварталах і за іх межамі. Мінімум аднойчы яны спрабавалі сарваць судовае паседжанне, пагражаючы пісталетамі. Нарэшце, акрамя «пантэр» і радыкальных чорных мусульман была і значная крытычная маса незадаволеных маладых цемнаскурых з гарадскіх трушчоб. Пераважным чынам, яны амаль не мелі шанцаў атрымаць добрую адукацыю і, як следства, знайсці работу з добрым заробкам. Іх дрэнныя ўмовы пражывання, высокі ўзровень злачынстваў у такіх кварталах і стаўленне белых расістаў, бок якіх часам займала паліцыя – усё гэта было тым небяспечным матэрыялам, які магла запаліць адна іскра.
Сутыкненні паміж чорнымі і белымі не сталі чымсьці новым для ЗША 1960-х гг. Падчас паўстання ў Нью-Ёрку ў 1863 г. былі забіты дзясяткі чорных. У 1919 г. ў розных гарадах ЗША адбываліся бойкі і перастрэлкі на расавай глебе з новымі дзясяткамі ахвяр. І пасля хваляванняў 1960-х гг. расавыя бунты час ад часу ўзнікалі тут і там. Самы вядомы (але не апошні) з іх адбыўся ў Лас Анджэлесе ў 1992 г., калі чорныя хуліганы адказалі на забойства цемнаскурага хлопца белым паліцэйскім масавым пагромам магазінаў, аўтамабіляў і бойкамі з белымі).
У ноч на12 мая 1962 г. Пасля некалькіх тэрактаў супраць Кінга і яго брата ў Бірмінгеме адбыўся адзін з першых бескантрольных чорных бунтаў 1960-х гг. Ён ахапіў толькі адзін горад і цягнуўся толькі адну ноч. Але расавае напружанне расло.
1967 г. стаў рэкордам па колькасці расавых бунтаў. Летам у 128 гарадах ЗША адбылося 164 расавыя хваляванні, з якіх 8 былі класіфікаваны як буйныя (8). Загінула не менш за 117 чалавек, тысячы былі паранены, а шкода ацэнена на больш чым, 1 млрд долараў (9). Гэта быў амерыканскі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны: чорныя і белыя біліся на вуліцах, перастрэліваліся з паліцыяй і Нацгвардыяй (былі нават выпадкі памылковых перастрэлак паміж нацгвардэйцамі і паліцэйскімі ў Дэтройце, дзе адбыліся самыя моцныя хваляванні), рабавалі магазіны і палілі аўтамабілі на вуліцах. У 1968 г., калі забілі М.Л. Кінга, па краіне пракацілася яшчэ адна хваля «чорных» бунтаў, але не такая значная.

Ілюстрацыя на тэму расавых бунтаў з Awake! ад 1 студзеня 1968 г. с. 7

Моладзь і «істэблішмент»
Акрамя расавых канфліктаў, Амерыка сутыкнулася з праблемай моцнага антываеннага руху. На фоне вайны ў Індакітаі і пагрозы пераходу Халоднай вайны з СССР ў «гарачую» узнікла ўнутраная пагроза ўстоям ЗША. Часткова гэта было звязана і з тым, што пакаленне бацькоў занадта вырашала лёс пакалення дзяцей. Напрыклад толькі з 1 ліпеня 1971 г. маладыя людзі атрымалі права ўдзельнічаць у выбарах з 18 год (26-я папраўка да Канстытуцыі ЗША). Юнакі не мелі права ўдзельнічаць у вырашэнні лёса краіны, але былі абавязаны абараняць яе інтарэсы ў Індакітаі, Карэі, Дамініканскай рэспубліцы і іншых гарачых кропках планеты. Многіх з тых, хто адмаўляліся служыць у арміі па прычыне пацыфізму ці рэлігійных поглядаў асуджалі на турэмнае пакаранне.
1960-я гг сталі сведкамі масавага эскапізму амерыканскай моладзі ад традыцыйных каштоўнасцяў краіны. Гэта была эпоха «хіпі», «новых левых», бітламаніі, процізачаткавай таблетцы і сексуальнай рэвалюцыі. Лозунгамі гэтай эпохі сталі «Мір, каханне, наркотыкі», «Бог памёр», «Секс, наркотыкі, рок-н-рол» і г.д. Да барацьбітоў з расавай няроўнасцю далучыліся барацьбіты з устоямі. Праўда толькі частка маладых людзей пакідала жыццё ў традыцыйным грамадстве, каб жыць камунамі хіпі, крыху больш удзельнічалі ў шматлікіх універсітэцкіх бунтах, многія спрабавалі наркотыкі, асабліва марыхуану, але толькі некаторыя сталі наркаманамі. Тым не менш, моладзь была супраць афіцыйнай ідэалогіі і палітыкі дзяржавы, а таксама традыцыйных каштоўнасцяў сваіх бацькоў.
Наколькі глыбока гэты дух быў масавы сведчыць наступны выпадак. Падчас святкавання Дня незалежнасці ЗША ў г. Монтрё (Швейцарыя) амерыканскія студэнты ля вогнішча доўга спявалі папулярныя песні 60-х, а калі агонь пагас разам сумнымі галасамі заспявалі старую антываенную песню «Куды зніклі ўсе кветкі?» (Where Have All the Flowers Gone?). Выпадковы наглядач гэтага, Расэл Сэнджэк, пі-ар дырэктар кампаніі «Бродкаст мюзік Інкарпарэйтыд», быў уражаны: «Калі я пачуў як амерыканская моладзь так далёка ад дома спявае 4 ліпеня гэту антываенную песню, як найдаражэйшы напамін пра Амерыку, то гэта было самай яснай прыкметай таго, што паняцце патрыятызму змянілася з часоў Over There [песня часоў Першай сусветнай вайны]» (10).
Тым часам амерыканскі бунт, бязлітасны і бессэнсоўны стаў рэаліямі многіх універсітэтаў і каледжаў ЗША. Вось апісанне тыповага хвалявання студэнтаў за 1969 г.: «Некалькі месяцаў таму 200 раз'юшаных студэнтаў Універсітэта Вісконсіна пашкодзілі не менш, чым дзевяць будынкаў. Яны ўрываліся ў аўдыторыі, ламалі мэблю, білі лямпы і гадзіннікі. Яны зрывалі карціны са сцен, білі вокны і шкляныя дзверы, адрывалі пажарную сігналізацыю. Яны нават перакулілі гандлёвыя аўтаматы ў калідорах і холах. Гэта ўсё было звязана з патрабаваннем студэнтаў стварыць аддзяленне вывучэння чорнай культуры з выдачай дыпломаў. Яшчэ яны патрабавалі прыняць на вучобу студэнтаў-неграў, адлічаных у іншым універсітэце і прыняць яшчэ 500 негрыцянскіх студэнтаў на вучобу ў наступным семестры.» (11). Адказ «істэблішмента» ўяўляў сабой звычайнае спалучэнне ўступак і рэпрэсій. Так ў 1968 г Закон аб грамадзянскіх правах аб'яўляў федэральным злачынствам пераезд граніцы штата з намерам бунтаваць, арганізоўваць хваляванне ці падбухторваць да яго. Таксама студэнтаў-бунтароў адлічвалі з вну і судзілі за беспарадкі. З другога боку мясцовыя адміністрацыі ішлі на уступкі і давалі магчымасць студэнтам ў большай ступені выбіраць што вывучаць. Даходзіла і да таго, што студэнты вну, каледжаў і старшых класаў сярэдніх школ маглі вывучаць тэорыю сексуальнага жыцця і мастурбацыі.
Адначасова набраў папулярнасць напрамак псіхалагічнай думкі аб непажаданасці абмежавання свабоды дзяцей, аб шкоднасці фізічнага пакарання. Толькі ў 1980-х гэты напрамак пачалі жорстка крытыкаваць, калі ён стаў прыносіць свае пабочныя вынікі выхавання.
Не трэба забываць і што ўсё гэта ішло ў час, калі узровень злачыннасці ў гарадах ЗША значна вырас, і гэта абвастрала праблему вулічных пратэстаў.
Значэнне «2-й Амерыканскай рэвалюцыі»
Як мы разгледзелі, Амерыка мела і знешні выклік, таму ўзнікненне ў краіне трэцяй сілы, якая не была падкантрольна Савецкаму саюзу і міжнароднаму камунізму (за выключэннем асобных радыкальных груп мааістаў), азначаў неабходнасць знайсці нейкі кампраміс з гэтай сілай. Таму з 1960-х ідзе паступовая дэмакратызацыя грамадскага жыцця ЗША. Менавіта тады чорныя амерыканцы сталі роўнымі белым у плане роўных магчымасцяў на поспех. Бедным былі дадзены шанцы на адукацыю і развіццё. Армія стала прафесійнай. Права на мірны пратэст стала фактычным, а не тэарэтычным. Паказальным у гэтым плане стала рашэнне Вярхоўнага суда ЗША аб праве грамадзяніна спаліць амерыканскі сцяг у знак пратэсту (а яшчэ ў 1940-я гг навучэнцы школ маглі быць выключаны за адмову салютаваць сцягу ЗША па прычыне рэлігійных перакананняў).
Паступова «істэблішмент» саступаў новыя і новыя пазіцыі. Калі ў 1960-х былі прыняты законы супраць беднасці і расавай няроўнасці, у 1970-х – феміністкі дабіліся фактычнай роўнасці мужчын і жанчын ў плане кар'еры і бізнеса, індзейцы – права на павагу сваёй самабытнай культуры, а пацыфісты – вывядзення арміі ЗША з Паўднёвага В'етнама і стварэння кантрактнай арміі замест абавязковага прызыву, то ў 1980-х рэабілітацыі і кампенсацыі дабіліся ахвяры палітыкі інтэрніравання 1940-х – японцы, немцы і італьянцы. Таксама дазвол аднаполых шлюбаў у ЗША і абарона гомасэксуалістаў ад дыскрымінацыі – гэта адгалоскі той палітыкі паліткарэктнасці, якая нарадзілася ў 1960-х.

Зноскі
(1) Дж. Кенэдзі Ich bin ein Berliner // Гісторыя ЗША ў дакументах. Мн.,2014, с. 33-34
(2) Piracy on the Air//Awake! June 8, 1969, Vol. L, No 11, p. 9
(3) Тэкст Танкінскай рэзалюцыі можна прачытаць на сайце Avalon Project на англ.: http://avalon.law.yale.edu/20th_century/tonkin-g.asp
(4) Песня Russians (1985 г.) вядомага спявака Стынга была найбольш яскравай рэакцыяй у галіне масавай культуры на гэты няўдалы пераклад жартлівай пагрозы Хрушчова, дзе некалькі разоў гучала фраза «я спадзяюся рускія таксама любяць сваіх дзяцей».
(5) 22 лістапада 1963 г. ў Даласе прэзідэнт Кенэдзі быў забіты. Існуюць розныя версіі матываў гэтага забойства, але засяродзімся на галоўным: смерць Кенэдзі не змяніла істотна ўнутраную і знешнюю палітыку ЗША, а таксама іх эканамічны лад, культуру ці традыцыі, таму для гэтай кнігі змена прэзідэнтаў у 1963 г. вялікага значэння не мае і таямніцы смерці Кенэдзі, як і тэракта 11 верасня 2001 г. пакідаю па-за яе межамі.
(6) Civil Rights Act of 1964//finduslaw.com доступ: http://finduslaw.com/civil-rights-act-1964-cra-title-vii-equal-employment-opportunities-42-us-code-chapter-21 Transcript of Voting Rights Act (1965) //ourdocuments.dov доступ: http://www.ourdocuments.gov/doc.php?flash=true&doc=100&page=transcript
(7) М.Л. Кінг У мяне ёсць мара // Гісторыя ЗША ў дакументах: пераклады на беларускую. Мн.: 2014, сс. 35-37
(8) Preparing for Violence//Awake! May 8, 1968, Vol. XLIX, No 9, p.16
(9) Flood of Lawlessness//Awake! January 8, 1968, Vol. XLIX, No 1, p.6
(10) Youth Revolts Against “the Establishment”//Awake! January 22, 1969, Vol L, No 2, pp. 8-9
(11) What Do the Students Want? //Awake! May 22, 1969, Vol. L, No 10, p.6

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...